
Віцэ-прэмьер Сямашка нядаўна заявіў: у Берасці будзе пабудаваная электрастанцыя на вуглі магутнасцю 100 мегават. Гараджане зрэагавалі на гэта па-рознаму.
Пра яе гавораць ужо гады з два. Маўляў, пасадзяць на мікрараён Усход (варыянт: на Бярозаўку), і чаду будзе як ад мясакамбіната на Рэчыцы. Ды чаду канкрэтнага, сажы з прысакам, бо вугаль, кажуць, будзе попельны, бо самі шахцёры ім не хочуць карыстацца… Усе гэтыя чуткі ад таго, што інфармацыі замала. Таму самы час распытацца.
Сітуацыю каментуюць вертыкальшчыкі
А. Шаўчук, кіраўнік аддзелу эканомікі гарвыканкаму, найперш заўважыў, што энергіі на Берасцейшчыне пакуль хапае. Маўляў, прадавалі яе яшчэ нядаўна з Бярозаўскай ГрЭС за мяжу. Потым зрабіў дзьве карэкцыі: зразумела, электрастанцыя патрэбная, бо ж гэта дыверсіфікацыя і крыніцаў энерганосьбітаў, і спосабаў выпрацоўкі энергіі, плюс працоўныя месцы. Па-другое, трэба выконваць Дырэктыву №3 па энергазберажэнні.
Сапраўды, можна выпрацоўваць больш энергіі, а можна яе проста эканоміць. Спадар Шаўчук кажа, што над гэтай пазіцыяй у горадзе працуюць даўно, і называе некалькі кацельняў, якія пераведзеныя альбо пераводзяцца на мясцовае цвёрдае паліва. Асобна Аляксандр Андрэевіч назваў энергаёмкую чыгунку, якая імкнецца да энергетычнай аўтаноміі і ўжо пабудавала сем уласных кацельняў на мясцовых гаручых матэрыялах.
На пытаньне, ці ўкараняецца энергазберагальная асвятляльная арматура, скажам, побытавыя электралямпачкі для гарадской ЖКГ альбо на прадпрыемствах, ён сказаў наступнае.
– Замена неэканомных вулічных свяцільнікаў на энергазберагальныя актыўна планавалася і ў мінулым, дык яна і выконваецца. А пазіцыі, якія не планаваліся стратэгічна, выканаць можна толькі з карэкцыяй праграмы. На ўсё трэба грошы.
У аддзеле энергетыкі гарвыканкаму таксама пацвердзілі толькі замену ў гаспадарцы горада неэканомных лямпак на супрацьвандальныя, г.зн. з шумавым эфектам, калі хто захоча скрасці. Дзе ўжо тут закручваць дастаткова дарагія – ад 8 да 30 тысяч рублёў – лямпы са схемамі!
У "Брэстэнерга" інфармацыя больш скупая. Прэс-аташэ Алеся Бахмат паведаміла пра візіт у горад беларускага міністра энергетыкі сп.Азярца. З другіх крыніцаў нам стала вядома, што міністр наведаў толькі гарвыканкам і што на сустрэчы нават не закраналася пытанне будоўлі ў горадзе электрастанцыі. Паводле словаў сп. А. Бахмат, будаўніцтва электрастанцыі ўсё яшчэ знаходзіцца на абмеркаванні ў органах кіравання.
Продаж энергіі ў Польшчу быў пракаментаваны так: ён спынены з 1 студзеня пасля падвышэння Расеяй коштаў на газ: адпаведна яны сталі занадта высокімі і для палякаў.
Выконваючы абавязкі галоўнага інжынера "Брэстэнерга" А. Мельнікаў зазначыў, што праграма па выпрацоўцы энергіі і энергазберажэння ў Берасцейскім рэгіёне знаходзіцца на карэкціроўцы ў Менску. Са слоў сп.Мельнікава, рашэнне па краіне-пастаўшчыку вугалю ў Берасці яшчэ вырашаецца.
Што мяркуе грамадскасць
Ганна Канюс, старшыня гарадской арганізацыі БСДП(Г), назвала будаўніцтва станцыі на каменным вугалі шкодным праектам. Гэта з двух чыннікаў: вялікая колькасць цвёрдых выкідаў і падвышаны радыяцыйны фон непасрэдна каля такой станцыі. Нешта казалі пра прыватныя інтарэсы, што да польскага вуглю, згадала яна. Але і з Украіны вугаль можа таксама пастаўляцца і па прыватных схемах, і горшай якасьці.
Зміцер Шыманскі, старшыня гарадской Рады Партыі БНФ, быў кароткі: лепш, каб была далёка свая АЭС, чым пад бокам станцыя на вуглі.
Людміла Дзенісенка, старшыня гарадской арганізацыі ПКБ, выказала адмоўнае стаўленне да праекту з-за яго экалагічнай небяспечнасці.
Месцічы выказаліся непадобна да палітыкаў. Палова з апытаных выявілі абыякавае і нейтральнае стаўленне.
Пазіцыя экспертаў
– Ужо даўно трэба было пабудаваць не адну, а некалькі атамных станцыяў – адну АЭС, як і планавалася, пад Менскам, другую, скажам, ля Баранавічаў, – кажа прафесар Берасцейскага тэхнічнага унівэрсітэта сп. Віталь Севяранін. – Краіна спажывае цяпер каля 7 800 мегават, з якіх ладная частка дакупаецца за мяжой. Свае станцыі ў зношаным стане і патрабуюць мадэрнізацыі. Каб у 1990-я ажыццявілася планаваная пабудова АЭС, цяпер сітуацыя была б зусім іншай. Адна гэтая АЭС магла б выцягнуць 6000 мегават. Можна было б пабудаваць яшчэ адну-дзьве менш магутныя станцыі тысячы на дзьве мегават. Пры такім раскладзе Беларусь была б сёння дапраўды краінай-пастаўшчыком энергіі. І на каменным вуглі тут, у Берасці, няхай будзе станцыя, – працягвае прафесар. – Цяпер ёсць магутныя фільтры, дык не зашкодзіць.
Навуковец і ягоны калега Юры Дзьяканаў у адзін голас кажуць, што станцыі на цвёрдым паліве у 2-3 разы больш затратныя за станцыі на газу. Тым не менш выйгрыш ад дыверсіфікацыі без сумневу пераважвае, упэўненыя абодва.
Прафесар Севяранін не належыць да тэарэтыкаў-схаластаў. Ён мае цэлы стос патэнтаў па тэхналогіях спальвання, энергазберажэння, альтэрнатыўных спосабах здабычы энергіі. Станцыя на каменным вуглі канкурэнтная ягоным праектам, але спецыяліст рашуча выказваецца на яе карысць. Чаму так?
– Усё роўна нікому няма справы да маіх вынаходніцтваў, – махае ён рукой.
Пра польскі альбо ўкраінскі вугаль Віталь Сцяпанавіч кажа, што пытанне моцна запалітызаванае. На ягоную думку, лепш вазіць польскі вугаль, і вось чаму.
Па-першае, лепшая каньюнктура. У Еўразвязе вугаль нікому не патрэбен, шахты пазачынялі, і Польшча радая будзе прадаць яго хоць як. Па-другое, добры даезд чыгункай, а з Украіны не. Па-трэцяе, з Еўразвязам наогул варта не губляць кантакт. І па-чацьвёртае, лепшыя вуглі на Украіне ўжо выбраныя, значыць, будуць пастаўляцца попельныя, калі наогул не буры вугаль.
Запаліў прафесар святло і што да продажу энергіі за мяжу. Няйначай блеф, сказаў ён. У справаздачах Бярозаўская ГрЭС па гэтай пазіцыі не праходзіць, і кошты за энергію, прадаваную за мяжу, у "Белэнерга" называюць камерцыйнай тайнай. Значыць, памеры даходаў па гэтай пазіцыі такія малыя, што і называць сорамна.
Петр Васілеўскі, bulletinonline.org