Хрусталёвы жаўранак прылятае ў Брэст гэтай восенню

0
13

Аматары  беларускага кіно чакалі гэтай падзеі два гады. Менавіта з такім перапынкам на працягу 10 гадоў у Брэсце праходзіць традыцыйны фестываль кінастужак айчыннай вытворчасці. І вось, нарэшце, добрая вестка з’явілася ў мясцовай прэсе. Доўгачаканы кінафест пройдзе ў горадзе над Бугам з 29 верасня па 3 кастрычніка.

Удзел у свяце кіно прыймуць чатыры кінатэатры горада. А ў дзіцячых дамах і школах, на прадпрыемствах пройдуць творчыя сустрэчы з дзеячамі беларускага кіно.

Традыцыйна кінафест пачнецца ля самага галоўнага кінатэатра Брэста – “Беларусі”. У 16 гадзін тут разгарнецца “зоркавы пуць” – па чырвонай дывановай дарожцы рэжысёры, акцёры, сцэнарысты, кінакрытыкі пройдуць на цырымонію адкрыцця. Тут жа, побач з “Беларуссю”, будзе наладжаны святочны канцэрт артыстаў беларускай эстрады. Удзел у ім павінна прыняць Іна Афанасьева. Але не толькі як спявачка, але і як кампазітар. Яе музыка выкарыстана ў карціне Аляксандра Ефрэмава “Рыфмуецца з любоўю”.

У праграме VI рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў – 9 мастацкіх і тэлевізійных карцін, каля 30 дакументальных і навукова-папулярных стужак, 10 анімацыйных прац.
Падчас урачыстай цырымоніі адбудзецца паказ конкурснай працы рэжысёра і сцэнарыста Марыіі Мажар “Ворагі”. Таксама на фестывалі будзе паказаны фільм расійскага кінарэжысёра, сцэнарыста і прадзюсера Андрэя Эшпая “Шматкроп’е”. Галоўную жаночую ролю ў кінастужцы выконвае жонка рэжысёра, народная артыстка Расіі Яўгенія Сіманава.

Пакуль дакладна невядома, але падчас фестывалю можа адбыцца прэзентацыя новай працы Веры Глаголевай “Чортава кола”. Таксама па-за межамі конкурснай праграмы плануецца паказ дзьвюх карцін вядомых кінадзеячаў: “Наладчык” Кіры Муратавай і “Як на нябёсах” Кая Поллака.

Не пазабыліся арганізатары кінафесту і на юных гледачоў. Для іх пройдзе анімацыйны фестываль “Паруса майго дзяцінства”. Рэтраспектыва фільмаў да 125-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа павінна зацікавіць аматараў беларускага пісьменства.

Цяперашні кінафест прыпаў на год, які абвешчаны Годам рускай мовы. Гэта адбілася на яго праграме: з гэтай нагоды пройдуць вечарыны паэзіі пад назвай “У пачатку было слова”. У іх прымуць удзел вядомыя беларускія акцёры. Да Года рускай мовы прымеркаваная і рэтраспектыва фільмаў-экранізацый літаратурнай класікі.

І, канешне, не абыйшлося без сюрпрызу! Брэст у якасці кіраўніка тэлерадыёаб’яднання “Саюз” наведае Ігар Угальнікаў. Ён прывязе новы фільм пра Брэсцкую крэпасць, які будзе прэзентаваны на тэрыторыі мемарыяла. Акрамя таго, аб’яднанне “Саюз” заснавала асабісты прыз за ўклад у кінематаграфічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Цікава, хто яго атрымае?

Аляксей Саладун

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь