
Прэзiдэнт ЗША Джордж Буш яшчэ на адзiн год падоўжыў санкцыi супраць Аляксандра Лукашэнкi i шэрагу беларускiх чыноўнiкаў. Маёмасць i грошы кiраўнiка Беларусi ды iншых афiцыйных асоб, нагадаем, Буш загадаў “замарозiць” летась.Але якую маёмасць i якiя банкаўскiя рахункi знайшлi ў ЗША, не паведамлялася. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка публiчна заявiў, што ўсё, што будзе знойдзена, ён падаруе амерыканскаму народу.
Было нешта знойдзена цi не, застаецца толькi гадаць. Але прэс-служба Белага дома зноў паведамiла, што Джордж Буш падпiсаў чарговае распараджэнне пра тое, што яшчэ на год падаўжаецца “блакiраванне ўласнасцi” беларускiх чыноўнiкаў, якая знаходзiцца ў юрысдыкцыi ЗША. Па крайняй меры, менавiта так падае навiну агенцтва Associated Press.
Нагадаем, што санкцыi былi ўведзены ў чэрвенi 2006 года ў дачыненнi да “асоб, адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў i iнстытутаў, парушэнне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю”. Матывацыя кiраўнiцтва ЗША: унесеныя ў спiс чыноўнiкi ўяўляюць “пагрозу для нацыянальнай бяспекi ЗША”.
Спачатку пад санкцыi патрапiлi 10 чалавек:
Вiктар Галаванаў, мiнiстр юстыцыi;
Аляксандр Зiмоўскi, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампанii;
Вiктар Лукашэнка, памочнiк прэзiдэнта, член Савета бяспекi;
Уладзiмiр Навумаў, мiнiстр унутраных спраў;
Дзмiтрый Паўлiчэнка, камандзiр вайсковай часцi 3214, якi браў асабiсты ўдзел у разгоне акцый апазiцыi;
Наталля Пяткевiч, намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi прэзiдэнта;
Сцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ;
Вiктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекi;
Лiдзiя Ярмошына, кiраўнiк Цэнтрвыбаркама.
Аднак 27 лютага 2007 года Мiнiстэрства фiнансаў ЗША ўвяло эканамiчныя санкцыi супраць яшчэ шасцi высокапастаўленых беларускiх службоўцаў. У “дадатак да чорнага спiса” трапiлi:
Пётр Мiклашэвiч, генеральны пракурор;
Юрый Падабед, начальнiк палка мiлiцыi спецыяльнага прызначэння;
Аляксандр Радзькоў, мiнiстр адукацыi;
Уладзiмiр Русакевiч, мiнiстр iнфармацыi;
Юрый Сiвакоў, былы мiнiстр унутраных спраў;
Алег Слiжэўскi, начальнiк упраўлення грамадскiх аб'яднанняў Мiнiстэрства юстыцыi.
Iгар МАРОЗАЎ, "Народная воля"