Попыт упаў напалову, прапанова ўзрасла ўдвая

0
4

Сёлета увесну ў Берасці сама моцна з рэгiянальных цэнтраў павялiчвалiся цэны на другаснае жыллё. Наш горад з’яўляецца другiм горадам у краiне, дзе кватэры на другасным рынку жылля даражэлi мацней за ўсё. У гэтым рэгiёне набыццё кватэр стала не толькi выгадным, але, што галоўнае, перспектыўным накiрункам.

Эксперты берасцейскага агенцтва нерухомасцi «Альфа-актыў» адзначаюць, што рост коштаў на кватэры ў горадзе над Бугам спынiўся толькi ў пачатку трэцяй дэкады траўня. Стабiлiзацыя кошту жыллёвай нерухомасцi працягвалася два тыднi, а потым…

Попыт на ўсе тыпы кватэр зараз знiзiўся прыкладна на 40—50 адсоткаў, а прапанова iстотна павялiчылася. Месяц таму ў агенцтве было толькi 10 аднапакаёвых кватэр, якiя прапанавалiся на продаж, сёння iх ужо больш за 20. Разам з тым на знiжэнне коштаў прадаўцы вырашаюцца вельмi неахвотна. Прадаўцоў шмат, але большасць з iх разлiчвае ўскочыць у апошнi вагон высокiх коштаў 2-месячнай даўніны. Аднак пакупнiкi сёння ў «фаворы» i менавiта яны дыктуюць умовы. Зараз пры рэальных здзелках падчас гандлю кошты на жыллё магчыма знiзiць на 1—2 тысячы долараў.

Кошты ў Берасці на кватэры вельмi розныя, што залежыць ад плошчы i якасцi жылля, узросту i тыпажу дамоў, а таксама адлегласцi ад цэнтра горада. Самымi таннымi лiчацца аднапакаёўкi-маласямейкi ў дамах «хрушчоўках». У такiх кватэрах пры сядзячай ванне, кухнi — 4,5, жылым пакойчыку — 11,4 квадратнага метра ёсць толькi адзiн плюс: яны каштуюць каля 27—28 тысяч долараў.

Звычайныя аднапакаёвыя кватэры ў пяцiпавярховых дамах панэльнага тыпу, але з агульнай плошчай 40—42 «квадраты» каштуюць ужо 42—45 тысяч долараў. Двухпакаёвыя «хрушчоўкi» на першых цi апошнiх паверхах могуць прапаноўвацца сёння за 41,5—42 тысячы долараў. Стандартныя двухпакаёўкi каштуюць ужо ад 45 да 52 тысяч USD. Больш сучасныя кватэры з палепшанай планiроўкай каштуюць ужо 52—55 тысяч долараў.

Трохпакаёвыя «хрушчоўкi» пачынаюць свой цэннiк з 51 тысячы USD. Шматпакаёвыя кватэры сёння ў Берасці магчыма набыць у новабудоўлях. Квадратны метр такой кватэры без апрацоўкi будзе каштаваць клiенту каля 1000 даляраў, а з апрацоўкай 1200 USD.
Спецыялiсты жыллёвай нерухомасцi Берасця лiчаць, што недзе з сярэдзiны жнiўня кошт кватэр можа зноў павялiчвацца. Аднак падаражэнне ў першыя месяцы восенi павiнна быць вельмi маленькiм, бо назбiраўся вельмi вялiкi запас прапаноў кватэр на продаж.

"Дзедзіч"

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь