Дзень залежнасці

0
13

Галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці ў Брэсце святкавалі па традыцыйным раскладзе. Зранку кіраўніцтва гораду і вобласці, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі прадпрыемстваў і БРСМ-аўцы ўсклалі кветкі да помніка абаронцам на плошчы Свабоды і Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці. А ў другой палове дня жыхары Брэста пачалі збірацца ў гарадскім парку “1 Мая”, каб адзначыць Дзень Незалежнасці…

Ужо падыходзячы да галоўнага ўваходу ў парк зрабілася зразумела, што беларускі народ атрымаў чарговы повад уволю папіць гарэлкі. Амаль усе, хто ішоў у парк, трымалі ў руках бутэлькі. З півам, з віном, з гарэлкай. Тыя ж, хто выходзіў адтуль, былі ўжо пад уплывам “адной, дзвюх, ці трох зорачак”. Аб гэтым яскрава сведчылі чырвоныя твары і мутныя вочы.

Не менш “святочная” карціна назіралася на алеях парку. Усе скамейкі былі занятыя. Не, не матулямі з дзецьмі, як гэта бывае звычайна, і не старымі, прысеўшымі адпачыць. Уздоўж алеяў сядзелі маладыя людзі і спадары крыху больш сталага ўзросту. Усе актыўна святкавалі – то тут, то там чуліся тосты і трэск пластмасавых кубкаў. Пэўна, аддзелы лікёра-гарэлачных вырабаў ў бліжэйшых крамах за палову дня выканалі тыднёвую норму.

Атракцыёны працавалі. Аднак чэргі да іх выцягнуліся такія, што лягчэй было дастаяцца ў палатку за півам. Дарэчы, янтарны напой карыстаўся вельмі вялікім попытам. Не параўнаць з квасам, бочка з якім адзінока прытулілася на цэнтральнай алеі.

Са сцэны тэатру эстрады несліся гукі фанаграмы, пад якую новыя беларускія “зоркі” спрабавалі свае вакальныя даныя. Добра атрымоўвалася не ва ўсіх. Сапраўдным прафесіяналізмам у выкананні песен парадаваў вакальны ансамбль “Маленькі прынц”. Востра адчуваўся арганізацыйны недахоп – акрамя праслухоўвання канцэрту не самай лепшай якасці, запіваючы пачутае півам, заняцца было няма чым. Ні табе конкурсаў, ні віктарын, ні спаборніцтваў…

Калі справа дайшла да агульнага выканання гімну, большасць прысутных патрэбную кандыцыю ўжо набралі. Дзякуй піву і гарэлцы. Язык у некаторых адмаўляўся павінавацца гаспадару. Таму гэты харавы спеў мала паходзіў на патрыятычнае выкананне дзяржаўнага гімну. Ды й само святкаванне цяжка асацыявалася з Днём Незалежнасці. Яно было больш патрэбнае на дзень залежнасці. Ад алкаголю.

Предыдущая статьяБилл Гейтс больше не самый богатый человек на планете
Следующая статьяМнение: Почему по ТВ стали показывать лица оппозиции?

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь